НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

добраахвотныя ваен. і ваенізаваныя фарміраванні з асоб, якія не падлягалі першачарговаму прызыву па мабілізацыі; адна з форм масавага ўдзелу народа ў абароне Радзімы. Ініцыятыва арганізацыі апалчэння належала жыхарам Ленінграда. Стваралася ў 1941—42 у Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах. Складалася з дыв., палкоў, батальёнаў, у т. л. знішчальных. На Беларусі з першых дзён вайны грамадзяне непрызыўнога ўзросту звярталіся ў ваенкаматы, парт. і камс. арг-цыі з просьбай накіраваць іх на фронт. Таму 2.7.1941 ЦК ВКП(б) і 6.7.1941 СНК БССР і ЦК КП(б)Б прынялі рашэнні аб стварэнні з добраахвотнікаў Н.а. Фарміраванне падраздзяленняў і часцей Н.а. на Беларусі пачалося з ліп. 1941 (прымалі грамадзян ад 17 да 55-гадовага ўзросту). Камандаванне франтоў дапамагала камплектаваць падраздзяленні Н.а. камсаставам. У прыфрантавых раёнах ствараліся знішчальныя батальёны (іх было 78, больш за 13 тыс. чал.). Летам 1941 арганізавана больш за 200 атрадаў Н.а. (больш за 33 тыс. чал), якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы абарончых рубяжоў, знішчэнні жывой сілы і тэхнікі ворага, абясшкоджванні іх дыверсійных груп і інш. (гл. Віцебскае народнае апалчэнне 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941). Для мясц. самаабароны ствараліся камуніст. рабочыя палкі і батальёны. Пры адыходзе Чырв. Арміі частка байцоў Н.а. ўключалася ў яе рады, а тыя, хто заставаўся на акупіраванай тэрыторыі, пераходзілі да партыз. або падп. метадаў барацьбы.

А.С.Жліуроўскі, І.А.Літвіноўскі.

Байцы Гомельскага народнага апалчэння на перадавой пазіцыі.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)